Даліда Людміла Міхайлаўна,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
УА “Гоцкая дзяржаўная
агульнаадукацыйная сярэдняя школа”
Салігорскага раёна Мінскай вобласці
Роля музейнай педагогікі
ў фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей падрастаючага пакалення
Наш музей – наш школьны гонар,
Аб мінулым успамін,
Папаўняем штогадова
Гэту скарбніцу даўнін.
На сучасным этапе нашага жыцця назіраецца абуджэнне, цікавасць да выкарыстання народнай духоўна-матэрыяльнай мастацкай і аўтэнтычнай спадчыны. Сёння ўсе ведаюць. што фальклор і рэчы, створаныя народнымі майстрамі, нясуць у сабе адбітак мастацтва. Гэта частка народнай педагогікі, якая вучаць бачыць і разумець прыгожае вакол сябе, ці то ручнік, ці то песня, што спявае бабуля.
Каб зберагчы лепшыя традыцыі і асаблівасці нашай вёскі Гоцк, няма лепшага сродка як этнаграфічны музей. Наш школьны музей этнаграфіі і побыту вёскі Гоцк – цэнтр актыўнай і плённай працы па адраджэнню і зберажэнню матэрыяльнай, духоўнай і культурнай спадчыны нашага палескага рэгіёну. Музей зберагае памяць аб сваіх продках, захоўвае прадметы даўніны і беражліва перадае моладзі ўспаміны пра побыт дзядоў і прадзедаў, цікава раскажа нашчадкам пра іх жыццё.
Самабытнасць нашай вёскі не патрэбна адраджаць. Здаецца, што яе жыхары захавалі незнаёмае нам мінулае, некранутае ўсялякімі перабудовамі. Многія старэйшыя жыхары прытрымліваюцца спрадвечнага ладу жыцця, заведзенага продкамі, беражліва захоўваюць традыцыі дзядоў і прадзедаў.У дамах і кватэрах нашых сялян, побач з сучаснымі моднымі гарнітурамі прысутнічаюць даматканыя посцілкі, вышытыя сурвэткі і абрусы. Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне і захоўваюць цяпло і ласку бабуліных рук, стварыўшых гэты цуд.
Запавед продкаў – гэта тое, што засталося нам, нашчадкам, ад шматлікіх пакаленняў беларусаў, якія жылі на гэтай зямлі за шмат гадоў да нас, і тое, што мы павінны будзем захаваць і перадаць нашым нашчадкам. У гэтым вялікая роля належыць музею, які адлюстроўвае значэнне непарыўнасці сувязі пакаленняў, выхоўвае пачуццё адказнасці за далейшы лёс нацыянальнай культуры.
Датай заснавання нашага музея лічыцца 26 студзеня 1998 года. Першапачаткова ён называўся этнаграфічны, а з 2004 года – музей этнаграфіі і побыту в.Гоцк.
Размешчаны ён на другім паверсе школы. Экспанаты музея, якіх на сёння 242, сістэматызаваны па наступным тэматычным накірункам: “Народнае адзенне”, “Ткацтва”, “Вышыўка”, “Прылады працы”, “Бабін кут”, “Посуд” і іншыя.
У кожнай тэматычнай экспазіцыі – мэтанакіраваная дэманстрацыя музейных рэчаў, размешчаных і растлумачаных у адпаведнасці з пастаўленай тэмай. Тэматыка экспазіцый сведчыць аб найбольш тыповых існуючых з’явах этнаграфіі і побыту палескай вёскі. Амаль усе прадметы арыгінальныя, за выключэннем тых, што адноўлены па чарцяжах (напрыклад, прылада для здымання абутку, прэс для адціскання сыру).
Да аб’ёмных арыгінальных экспанатаў адносіцца ложак, кросны, шафа, услон, маслабойка, кашыца, адзенне, прылада працы.
Да экспанатаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва адносяцца пано, вышытыя крыжыкам і гладдзю, прадметы вышытага дэкору (ручнікі, дываны, сурвэткі).
Экспазіцыйная плошча прадстаўляе сабою наступнае:
1) верхні экспазіцыйны пояс размяшчае пано (вышыўка крыжыкам, гладдзю)
2) галоўны экспазіцыйны пояс размяшчае ўсе асноўныя экспазіцыі.
3) гарызантальныя вітрыны размешчаны ўздоўж сцяны і прызначаюцца для часовых выстаў (напрыклад, “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”, “Яны абаранялі Айчыну”)..
4) на подзіўме размешчаны буйныя прылады працы.
У цэлым памяшканне музея прадстаўляе комплексную падачу матэрыялу. Вядучыя экспанаты знаходзяцца ў цэнтры ўвагі і з’яўляюцца рэчавымі экспанатамі. Асноўныя з іх суправаджаюцца навукова-дапаможным матэрыялам (невялічкімі тэкстамі – суправаджэннямі, анатацыямі), што дапамагае мець асноўныя звесткі пра экспанат і дазваляе без экскурсавода зразумець змест экспазіцыі і атрымаць неабходную інфармацыю.
Для зберажэння экспанатаў ад свету вокны закрыты плотнай тканінай і шторамі.
Музейныя фонды папаўняюцца з дапамогаю правядзення штогадовых этнаграфічных вандровак і акцый па збору музейных экспанатаў сярод мясцовага насельніцтва. Некаторыя з іх сабраны ў суседніх вёсках.
Увайшоўшы ў музей, вы адчуваеце, што трапілі ў звычайную сялянскую хатку ХХ стагоддзя. Унутранае ўбранства яго нагадвае пра вясковы побыт палешукоў, авеяны цеплынёй вясковага дома, дзе старыя дзедавы рэчы маюць заслужаны адпачынак і надзейна захаваны ад разбуральнага ўздзеяння часу. Гэта цэлы сялянскі свет: бабін кут – кухня, покуць – чырвоны кут.
У кожнага чалавека з выразам “бацькоўская хата” узнікаюць свае асацыяцыі. Для кагосьці гэта кватэра ў шматпавярховым доме, для іншага – драўляны дом ля старых бяроз, што растуць абапал вясковай вуліцы. Але якім бы ні было тое месца, дзе прайшлі гады дзяцінства, юнацтва і дзе з любых жыццёвых дарог цябе заўсёды чакае гасціннасць і ўтульнасць, для беларусаў “бацькоўская хата” – гэта ўсё ж такі цёплая печ, доўгія лавы, засланыя вышыванымі ручнікамі, гліняныя збаны і тканыя посцілкі. Падобныя вобразы ўзнікаюць нездарма, бо хоць у такіх хатах жылі не мы і не нашы бацькі, але дзяды і прадзеды – дакладна.
Не сакрэт, што гонарам музея ў першую чаргу з’яўляецца яго экспанаты: рэчы і прадметы, якія ляжалі ў сенцах, хляве, на гарышчы бабулінай хаты ці ў куфры. Кожная рэч, якая беражліва захоўваецца ў экспазіцыі, мае свой цікавы лёс, адметны характар. Пры ўваходзе ў стылізаваную вясковую хату адразу ўзнікае жаданне ўважліва разгледзець кожны экспанат, абавязкова патрымаць яго ў руках, а яшчэ бясконца слухаць цікавы аповед экскурсаводаў пра жыццё продкаў. І хоць многае з таго, што раскажуць вучні, вядома, нейкае нябачнае цяпло сагравае душу, настройвае на лад беларускай даўніны. Безумоўна, прылады працы і бандарныя вырабы пацямнелі ад часу, але выгляд у іх радасны, вясёлы, таму што побач на сценах красуюцца яркія ручнікі, ражкі, сурвэткі з аўтэнтычнымі ўзорамі кветкавай рознакаляровай гамы.
Ганарымся мы такімі рэдкімі рэчамі, як прылада для здымання абутку, калаўротамі для прадзення воўны ці кудзелі і вялізнай ступай з таўкачом, якія жывуць цэлае стагоддзе.
А ці захаваліся самаробныя дзіцячыя хадункі ў іншых вёсках? У нашым музеі іх ажно два.
Нядаўна адна гаспадынька перадала ў музей андарак сваёй маці, якому 50 год, а выглядае ён быццам учора пашыты і пафарбаваны.
Акцыя па збору музейных рэчаў у мінулым годзе здзівіла нас такімі знаходкамі, як шклюд (склюд, жалезная сякера для абчэсвання бярвення) і калдуб (ліпаўка, дуплянка для захоўвання сыпучых прадуктаў).
На покуці хаты-музея – абразы, а каля драўлянага ложку, засцеленага саматканай дзяругай, падвешана калыска для немаўляці. На падлозе – падножнікі і посцілкі, якіх палешукі не шкадавалі для аздаблення свайго жытла.
Адно з галоўных месц у сялянскай хаце, безумоўна, займае печ. У ёй гаспадыня гатуе стравы, сушыць грыбы і ягады, а сцюдзёнаю зімою дорыць жаданне цяпло..
Кросны, або ручны ткацкі станок, таксама займаюць пачэснае месца. Гэта прылада апранала ўсю сям’ю, добраўпарадкоўвала ўсю хату. Іншы раз тканыя рэчы адпраўляліся на кірмаш для продажу. Але здзіўляе тое, што жанчыны-ткачыхі, не маючы добрага асвятлення, спадзяючыся толькі на сваё пачуццё прыгажосці, стваралі непаўторныя, гарманічна спалучаныя ўзоры і арнаменты.
У в.Гоцк ткалі да сярэдзіны 80-ых гадоў ХХ стагоддзя. Займаліся ў асноўным гэтай справай з кастрычніка па сакавік, калі не было палявых работ. На жаль, гэты мясцовы промысел паступова адыходзіць ад актыўнага існавання, а кросны захоўваюцца на гарышчы, чакаць, што камусьці спатрэбяцца.
Нашы продкі з вялікай пашанай ставіліся да ручнікоў. Сяляне лічылі, што саматканыя ручнікі засцерагалі ад бяды, злога вока пры нараджэнні дзіцяці, на вяселлі. Ручнікі для беларусаў – гэта:
- дарога: пачатак і канец;
- чалавечы лёс, жыццё;
- песня, яе настрой, што спявала гаспадыня, ткучы ручнік;
- сімвал на надмагільным крыжы;
- абярэг ад эпідэміі, засухі, граду і гэтак далей;
- прадмет для штодзённага ўжытку.
Таму і ў нашым музеі значнае месца займаюць ручнікі: тканыя і вышываныя. Загадкавыя чырвона-белыя фігуркі, сіне-зялёныя, фіялетавыя, жоўтыя кветкі і розныя птушкі на белым палатне зачароўваюць дзіцячыя сэрцы і вока сталага чалавека.
Можна смела сцвярджаць, што існуюць у народзе, сярод сялян, дзве рэчы, без якіх беларус не лічыць сябе беларусам, – гэта бульба і ручнік. Бо калі на абедзеным стале няма смачнай бульбачкі, а ў хаце (на ложку, на сцяне ці на абразах) не вісіць тканы альбо вышыты белы ручнік, то гэта хата і не хата.
З цягам часу імкліва сціраюцца этнаграфічныя адрозненні не толькі паміж блізкімі народамі, але і народамі зусім розных традыцый. Таму менавіта печы, драўляныя лавы, бандарныя і тканыя вырабы, як і многія іншыя рэчы народнай культуры і побыту, з’яўляюцца часцінкай падмурка нацыянальнай адметнасці беларусаў. Сёння такі падмурак трэба ўмацоўваць.
У этнаграфічным музеі можна адпачыць ад штодзённай мітусні, захапіцца прыгажосцю тканых і вышываных вырабаў, паслухаць цішыню мінулых эпох, пазнаёміцца з рэчамі, якімі карысталіся нашы продкі.
Музейная педагогіка – няпростая, але вельмі карысная і неабходная справа, якой ў нашай рэспубліцы надаецца самая пільная ўвага. Музей – гэта захоўванне народнай памяці.
Каб вучні ахвотна наведвалі музей, яго не варта ператвараць у пакой забаронцаў. Шматлікія экспанаты шырока выкарыстоўваюцца на ўроках, выхаваўчых мерапрыемствах, інфармацыйных і класных гадзінах. Экспанаты музея і этнамайстэрні ўдзельнічаюць у выставах, аздабляюць інтэр’ер агульнашкольных і раённых мерапрыемстваў. Вышываныя ручнікі ўпрыгожваюць сцэну падчас народных свят і абрадаў. Млын, куфар і кашы ствараюць атмасферу сялянскага побыту ў тэатралізаваных дзеях.
На базе музея працуюць самыя разнастайныя гурткі і факультатывы:
- “Спадчына роднага краю”
- “Беларускі фальклор”
- “Беларуская вышыўка”
- “Этнаграфія в.Гоцк”
- “Мастацтва вуснага слова”
- “Народныя гульні”.
Члены лекцыйна-экскурсійнай групы зрабілі добрую справу. Яны стварылі з дапамогай часопіса “Вясёлка” альбом “Музей у малюнках і каментарыях”, які карыстаецца поспехам у вучняў пры наведванні музея. Яго ж выкарыстоўваюць класныя кіраўнікі ў выхаваўчай рабоце.
А вучні гуртка “Этнаграфія в.Гоцк” пачалі ў 2009 годзе сістэматызаваць матэрыял з газеты “Звязда” пад рубрыкай “Свет і сусвет чалавека” паводле Аксаны Катовіч і кандыдата мастацтвазнаўства, фалькларыста і этнографа Янкі Крука. Матэрыял сістэматызуецца ў папку “Сімволіка беларускай абраднасці”. Ён цікавы для гурткоўцаў і выкарыстоўваецца для напісання лекцый і экскурсій, а таксама ў пазакласнай рабоце.
Работа лектараў і экскурсаводаў поўніцца цікавымі экскурсіямі і справамі. Напісаны наступныя тэксты лекцый: “Касьба і жніво”, “Печ, печ, памажы”, “Уваходзіны”, “Дзяды”, “Пра лён”, Сімволіка ручніка”, “Свой дварочак, як вяночак”, “Навошта ў хаце парог”, “Купалле”, “Посуд”, “Прылады працы”, “Беларуская хата”, “Ручнікі”, “Сімволіка беларускага посуду”, “Адзенне беларусаў-палешукоў”, “Калыска і калыханка ў беларусаў”, “Ткацтва”, “Зачаруе нас арнамент”, “Пад стрэхамі прадзедаў”, “Прылады хатняга асвятлення на Беларусі”, “Посуд”, “Ідзе маладая як сонца”, “Беларускі этыкет” і інш.
Падчас экскурсій, якія выходзяць за межы музея і вядуць на тэрыторыю школьнага двара, можна заглянуць на паляну казачных звяроў, пасядзець на возе, бо “конік пасецца”, убачыць сапраўдныя жорны, млын, калодзеж, каля якога ходзяць жоравы, а ў гняздзе сядзяць буслы.
Члены гурткоў займаюцца не толькі пошукавай, але і навуковай справай. Яны збіраюць, вывучаюць, сістэматызуюць матэрыял этнаграфічнага профілю дзеля таго, каб прыняць удзел у штогадовай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Пад знакам ХХІ стагоддзя”.
Пры музеі працуе навуковае таварыства вучняў “Даследчык” у рамках сацыяльна-педагагічнай мадэлі “Этнашкола”. У час даследчай дзейнасці вучні гутараць з носьбітамі фальклору і мясцовых ужытковых рамёстваў, вывучаюць сакрэты іх майстэрства, біяграфічныя звесткі, запісваюць іх паведамленні, робяць фотаздымкі і відэазапісы. Майстры запрашаліся і ў школу, дзе ў выглядзе практычных заняткаў перадавалі свой вопыт вучням па ткацтву, пляценню з лазы, па вышыўцы..
Дзейнасць у гэтым накірунку прынесла свой плён. На рэспубліканскі фестываль-конкурс “Дзень Зямлі. Беларусь 2006” была даслана работа “Мясцовыя ўжытковыя рамёствы в.Гоцк” і была адзначана дыплом 3 ступені ў фальклорна-этнаграфічным праекце “Беларускі мацярык”.
У 2010 годзе вучні-даследчыкі пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы, кіраўніка НТВ “Даследчык” Аляхновіч А.В. сабралі матэрыял для навукова-даследчай работы пад назвай “Дыялектычныя асаблівасці гаворкі в.Гоцк” . Атрымалі на раённай НПК “Пад знакам XXI стагоддзя” 2 месца. А 14 красавіка 2011 года на Рэспубліканскай НПК студэнтаў і школьнікаў “Сучаснае мовазнаўства літаратуразнаўства і культуралогія ў працах маладых вучоных”, якая праходзіла ў БДПУ імя М.Танка, даклад вучаніцы 10 “Б” класа Валасевіч Аліны па асаблівасцях мясцовай гаворкі ўзнагароджан граматай як лепшы.
Музей – актыўны ўдзельнік агульнашкольных мерапрыемстваў і выхаваўчых спраў на мясцовым матэрыяле і свят каляндарна-абрадавага цыклу беларусаў:
- парад народных гульняў;
- народны абрад “Камаедзіца”,
- вусны часопіс “Летнія святы беларусаў”,
- “Гоцкія пасядзелкі”,
- выстава “Багач”,
- “Вячоркі”,
- “Прыйшла Каляда”,
- “Вялікдзень”,
- “Шчодрая Масленка”,
- выстава-продаж “Купляйце беларускае!”
Добрую дапамогу аказвае музей класным кіраўнікам ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных якасцей на нацыянальнай аснове. На базе музея праводзяцца каляндарна-абрадавыя святы, класныя выхаваўчыя гадзіны па этнакультуры беларусаў:
- пасядзелкі “Хата песнямі багата”,
- “Калядныя вячоркі”,
- гульня “Кола загадак”,
- свята “Беларуская кухня”,
- аповед “Зімовыя народныя святы”,
- гутарка “Народныя прыкметы”,
- падарожжа “Скарбы роднага краю”,
- віктарына “Ці ведаеш ты Беларусь?”,
- Свята “Грамніцы”.
Культурна-масавая дзейнасць музея і этнамайстэрні, як своеасаблівага філіяла музея, разнастайная. Але асаблівым поспехам карыстаецца такая форма адпачынку і дэманстрацыі сваіх здольнасцей, як вячоркі. Яны былі папулярнымі раней, у часы саматканага адзення, вышываных ручнікоў і драўляных прадметаў побыту.
Вячоркі ладзім амаль штогод, часцей зімой, як і ў даўніну, каб доўгі зімовы вечар зрабіць захапляльным і карысным. Палешукі пасля працоўнага дня збіраліся ў прасторнай хаце дружнай кампаніяй і няспешна вялі гаворку пра жыццё-быццё. І хоць на нашых вячорках не хапае калаўрота і сапраўднага прадзення, то прыпевак пад гармонік і баян, народных песняў, танцаў і жартаў хапае. Затое кашы плятуцца, сурвэткі нашываюцца, лаза гнецца-выгінаецца.
Якія вынікі нашай працы?
У 2006 годзе вучэбна-метадычная ўстанова “Мінскі дзяржаўны абласны вучэбна-метадычны кабінет” узнагародзіў наш музей Дыпломам лаўрэата абласнога конкурсу краязнаўчых музеяў. А аддзел адукацыі Салігорскага райвыканкама – Дыпломам III ступені за ўдзел у конкурсе матэрыялаў “У музей адукацыі раёна” у рамках раённага фестываля “Пад белымі крыламі”. У гэтай рабоце творчы калектыў прапанаваў праект раённага музея педагагічнай славы.
Члены гуртка “Музейная справа” прынялі ўдзел у раённым конкурсе даследчых работ на тэму “Мая сям’я ў датах і падзеях” і занялі 3 месца.
2007 год прынёс у капілку музея тры дыпломы:
- дыплом 1 ступені за ўдзел у конкурсе на лепшую даследчую працу ў рамках раённага этапу рэспубліканскай экспедыцыі “Наш край” у намінацыі “Славутыя імёны Бацькаўшчыны”. Даследаванне мела назву “Самародак зямлі палескай”,
- дыплом II ступені атрымалі за лепшы праект краязнаўчага маршрута “Мой край” у рамках раённага этапу рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”
- дыплом 3 ступені за даследчую працу “Палескі край – крыніца творчасці і прыгажосці” у рамках раённага этапу рэспубліканскай экспедыцыі “Наш край” у намінацыі “Культурная спадчына”.
У 2008 годзе былі задзейнічаны ў “Свяце вёскі Гоцк” і навагоднім раённым кірмашы, дзе мы прадавалі хлебабулачныя і кандытарскія вырабы, спечаныя рукамі бацькоў, настаўнікаў і вучняў. Экспанаты музея і этнамайстэрні ўпрыгожвалі наш кірмашовы рад, а чорны хлеб, выпечаны ў печы, імгненна раскупілі салігарчане і госці горада.
1 красавіка 2010 года настаўнікі і вучні прынялі ўдзел у раённым мерапрыемстве “Свята першай баразны”. Удзельнікі, апранутыя ў беларускія касцюмы, сустракалі гасцей з вобласці нацыянальнымі стравамі і народным фальклорам. Наш святочны падворак, аздоблены шыкоўным млыном, вельмі спадабаўся прысутным і асабліва карэспандэнтам, якія ўзялі ў нас інтэрв’ю.
Музей – цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання пры правядзенні свят, прысвечаных Вялікай Перамозе. Менавіта члены гурткоў, што працуюць на базе музея, былі ўдзельнікамі раённай патрыятычнай акцыі “Перамога. Патрыятызм. Радзіма” і ініцыятарамі выставы малюнкаў і паштовак “Букет ветэрану”.
На базе школы праходзяць раённыя семінары для намеснікаў дырэктароў па выхаваўчай рабоце, настаўнікаў-прадметнікаў па фарміраванню нацыянальнай культуры, грамадзянска-патрыятычных якасцей. Падчас семінараў адбываюцца экскурсіі ў музей і этнамайстэрню, дзе гурткоўцы і экскурсаводы прапаноўваюць гасцям змястоўныя аповеды і творчыя справаздачы.
Этнамайстэрня – своеасаблівы філіял музея этнаграфіі в.Гоцк. У ёй сістэматызуюцца вынікі дзейнасці гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў:
- “Беларуская вышыўка”
- “Мастацкая апрацоўка драўніны”
- “Роспісь па дрэву”
- “Народны касцюм”
- “Беларуская лялька”
- “Лазапляценне”
- “Выцінанка” і інш.
На базе этнамайстэрні праходзяць класныя мерапрыемствы, працуюць гурткі. Этнамайстэрня – актыўны ўдзельнік школьнага жыцця. Гэта сапраўдны вугалок прыгажосці. Некаторыя рэчы (асабліва вышыўка гладдзю і крыжыкам), падораныя мясцовымі майстрамі, служаць крыніцай натхнення школьнікаў у справе вышыўкі. У перспектыве ёсць задумка зрабіць этнамайстэрню “Музеем сучаснага ўжытковага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”.
У многіх рэгіёнах народныя промыслы забываюцца, адыходзяць у нябыт. На Палессі зусім іншая справа. Тут на працягу многіх стагоддзяў жанчыны, дзяўчаты зберагалі хараство вышыўкі. Ручнікі, посцілкі, настольніцы аздоблены непаўторнай гладдзю, дзівоснымі карункамі.
У рамках дзейнасці музея і этнамайстэрні насташнікі і вучні сабралі добры матэрыял этнаграфічнага профілю, таму што наладзілі цесную сувязь з носьбітамі мясцовага фальклору і ўжытковых рамёстваў. Навучылі многаму: як пячы хлеб і плесці кашы, ведаем сакрэты лазапляцення, вышыўкі, аднавілі ткацкі станок.
Музейны пакой – гэта творчая лабараторыя. Асноўнай мэтай яе дзейнасці з’яўляецца не толькі знаёмства навучэнцаў з побытам нашых продкаў, але і развіццё творчых здольнасцей школьнікаў, выхаванне ў іх любові да народнага мастацтва.
Музей дапамагае фарміраваць у вучняў павагу да роднага краю, каб дзеці ніколі не цураліся сваіх каранёў, каб ганарыліся тым, што нарадзіліся і жывуць у цудоўным палескім краі. Мы ўпэўнены: гэта дазваляе выхаваць грамадзяніна-патрыёта, сапраўднага чалавека, бо сёння неабходна клапаціцца аб тым, каб захаваць сябе, не знікнуць з твару зямлі, перадаць спадчыну дзецям. Мы павінны зрабіць свой уклад у скарбонку сусветнай культуры, захаваўшы самабытнасць сваёй нацыянальнай культуры, і тым самым “зоймем свой пачэсны пасад між народамі”.